Палітвязні ў Беларусі, 2020

абноўлена 2 кастрычніка 2020

Ад моманту пачатку прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў траўні 2020-га году колькасць палітычных зняволеных у Беларусі падвысілася з 3 да 70.

Каб лепш зразумець маштабы і паглядзець, у чым вінавацяць вязняў сумлення, пабудаваў граф сувязяў паводле высунутых ім абвінавачванняў, грунтуючыся на матэрыялах праваабарончага цэнтру „Вясна“.

Усе зняволеныя, чый пераслед прызнаны праваабаронцамі палітычна матываваным, паданы на графе бурбалкамі. Колер бурбалак паказвае на тэрмін, які чалавек утрымліваецца ў няволі, і адпавядае каляровай легендзе. Дэталі па кожнай асобе з каментаром праваабаронцаў можна атрымаць ва ўсплываючым акне, што з'явіцца па кліку на бурбалку. Тамсама можна знайсці і адрас для ліставання.

Палітвязні згрупаваны паводле артыкулаў, па якіх заведзеныя крымінальныя справы ў іхным дачыненні. Каб даведацца нумар артыкула і азнаёміцца з ягоным тэкстам, трэба клікнуць па адпаведнаму вузлу.

Ніжэй разглядаю ў храналагічнай паслядоўнасці асобныя справы і ўмоўныя групы, што аб'яднаныя вакол пэўных падзей.

Справа Жамчужнага

Нібыта шпіёнская гісторыя ахутана таямніцай з прычыны непразрыстасці расследвання і судовага разгляду. Праваабаронцы, на падставе вядомых ім звестак, палічылі асуджэнне Міхаіла Жамчужнага неабгрунтаваным і палітычна матываваным. Грамадскі актывіст знаходзіцца ў затачэнні з ліпеня 2015.

Справа Емяльянава-Комара

Актывістаў анархісцкага руху Мікіту Емяльянава і Івана Комара абвінавацілі ў закідванні лямпачкамі з фарбай Мінскага гарадскога суду і ў двух спробах падпалу дзвярэй СІЗА па вуліцы Валадарскага ў Мінску. Мэтай акцыяў было прыцягнуць увагу да палітычных зняволеных. Хлопцы атрымалі па 7 гадоў узмоцненага рэжыму (праз апеляцыю тэрмін зменшаны да 4 і 3,5 гадоў адпаведна).

Справа Ціханоўскага

У асноўным пабудавана вакол падзеяў пікету па збору подпісаў за вылучэнне кандыдаткаю ў прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай 29 траўня ў Горадні, што закончыўся правакацыей і масавымі затрыманнямі. Фігурантаў вінавацяць ў арганізацыі ды актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК).

Пазней затрымалі шэраг палітычных блогераў. Таксама з Сяргеем Ціханоўскім, звязалі паліттэхнолага Віталя Шклярава.

Некалькі актывістаў штабу Святланы Ціханоўскай былі арыштаваныя ў сувязі са жнівеньскімі падзеямі.

Статкевіч і Севярынец

Увязненне Мікалая Статкевіча й Паўла Севярынца, пэўна, варта адзначыць асобна. Падобна, што абодвух палітыкаў затрымалі прэвентыўна на пачатку выбарчай кампаніі. Першы час іх утрымлівалі пад адміністратыўным арыштам (30 і 75 содняў адпаведна), але ўрэшце перавялі ў статус падазраваных па крымінальных справах.

Справа Бабарыкі

Пасля прызначэння даты выбараў Віктар Бабарыка нечакана заявіў, што высоўвае сваю кандыдатуру. Спадар Бабарыка сабраў рэкордную па колькасці для альтэрнатыўных кандыдатаў ініцыятыўную групу (блізу 10 тыс. чалавек), з дапамогай якой у сваю чаргу атрымаў зноўку рэкордную колькасць галасоў за вылучэнне сваёй асобы кандыдатам у прэзідэнты (болей за 430 тыс.). Неўзабаве улады зацікавіліся „Белгазпрамбанкам“, якім раней кіраваў спадар Бабарыка. У выніку пад следствам апынуліся шэраг супрацоўнікаў банку, актывісты штабу, блізкія сябры Віктара Дзмітрыевіча, ягоны сын ды й ён сам.

Шэраг актывістаў штаба Бабарыкі былі затрыманы пасля 9 жніўня ў сувязі з масавымі беспарадкамі.

Супраціўленне сілавікам

Арышт Віктара Бабарыкі стаўся імпульсам для правядзення акцыяў „Ланцугі салідарнасці“ (з палітвязнямі і ўсімі затрыманымі падчас прэзідэнцкай кампаніі), якія праходзілі па ўсёй краіне з 18 па 21 чэрвеня.

19 чэрвеня на акцыі ў Маладзечне людзі спрабавалі адбіць затрыманых удзельнікаў ланцугу ў АМАПаўцаў, якія дзейнічалі непрапарцыйна жорстка. У выніку Уладзіслаў Еўсцягнееў і Павел Пяскоў пакараныя пазбаўленнем волі (на тэрмін 3 гады і 3 гады 3 месяцы адпаведна) за супраціўленне супрацоўнікам АМАПу з ужываннем гвалту.

Справа аб масавых беспарадках 2020

9–11 жніўня па ўсёй краіне адбыліся акцыі пратэсту, што былі выкліканы недаверам да афіцыйных вынікаў выбараў і шматлікімі пытаннямі да іхнага правядзення. Шматлюдныя дэманстрацыі былі жорстка разагнаны сілавікамі, адбыліся масавыя затрыманні. Нялюдскі гвалт, учынены над дэманстрантамі, скалыхнуў Беларусь і з 12 жніўня тут не супыняюцца рэкордныя па маштабах акцыі пратэсту, якія прымаюць розныя формы і маюць пераважна мірны характар.

Фігуранты справы вінавацяцца ў арганізацыі, удзеле ды падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках.

Аляксандр Васілевіч

У чым вінавацяць спадара Васілевіча невядома праз падпіску аб неразгалошванні.

Неўзабаве перад затрыманнем Аляксандр Васілевіч адбыў адміністратыўны арышт, пад які ён патрапіў, калі прынёс у КДБ паруку за Віктара Бабарыку.

Справа PandaDoc

Супрацоўнікаў IT-кампаніі PandaDoc падазраюць у крадзяжы ў буйным памеры.

Дырэктар кампаніі Мікіта Мікада перад гэтым арганізаваў ініцыятыву, што мае мэтай дапамагчы сілавікам, якія захочуць звольніцца.

Пераслед членаў Каардынацыйнай Рады

Каардынацыйная Рада была створана прадстаўнікамі аб'яднанага штабу для наладжвання дыялогу з уладамі, каб разам знайсці выйсце з грамадска-палітычнага крызісу, у якім апынулася краіна.

Ілля Салей не ўваходзіць ні ў Асноўны склад КР, ні ў пашыраны склад. Ён — адвакат Марыі Калеснікавай, аднак праходзіць па гэтай справе таксама.

Відавочна, за лічаныя месяцы ў Беларусі рэзка падвысілася колькасць выпадкаў пераследу людзей па палітычных матывах.

Пры гэтым, мяркуючы па каментарах праваабаронцаў, значная частка палітвязняў знаходзяцца ў статусе падазраваных і утрымліваецца ў няволі пад ціскам пакуль ідзе расследванне іхнай справы.

Варта адзначыць, што праваабаронцы прызналі палітвязнямі асуджаных выключна па крымінальных артыкулах. Па-за ўвагай засталіся шматлікія выпадкі масавых затрыманняў („Наша Ніва“ налічыла не меньш за 13 210 затрыманняў на дзень 28 верасня) і абвінавачванняў у межах адміністрацыйных справаў за час прэзідэнцкай кампаніі і пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў (у базе даных ПЦ „Вясна“ на 30 верасня зафіксавана 2082 арышта і 1280 прысуджаных штрафаў агулам больш як на 23 тыс. базавых велічыні (калі ўсё правільна падлічыў, гэта блізу $240k па цяперашняму курсу)).

Крыніца: спіс палітычных вязняў на 20 верасня 2020 на сайце Праваабарончага цэнтру „Вясна“.

Вялікі дзякуй Юле Ляшкевіч за выказаныя ідэі, дапамогу з пошукам матэрыялаў, удакладненні па зместу і заўсёдную падтрымку.

Аўтар не нясе адказнасці за любое несагласаванае выкарыстанне візуалізацыі, гэтаксама як і за магчымыя негатыўныя наступствы такога выкарыстання.